Беларуская федэрацыя футбола (АБФФ) прыняла рашэнне пра перагляд вынікаў мінулага чэмпіянату краіны. У дачыненні да трох клубаў і шэрагу гульцоў і функцыянераў уведзеныя пакаранні, паведамляе афіцыйны сайт АБФФ.
Гісторыя пачалася ў студзені гэтага года, калі паведамлялася пра затрыманне ў Мінску былога спартыўнага дырэктара «Шахцёра» Уладзіміра Нідэргаўса, які падазраваўся ў махлярстве. А 30 студзеня стала вядома, што Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да прадстаўніка салігорскага клуба (як высветлілася, гаворка ішла пра дырэктара Аляксандра Марчанку). Прычына — спроба паўплываць на вынік матча чэмпіянату Беларусі. У той жа дзень паведамлялася, што ў офіс «Шахцёра» з праверкай наляцелі ўзброеныя сілавікі.
АБФФ разгледзела звесткі ад СК, што «кіраўніцтвам „Шахцёра“ былі арганізаваныя дамоўныя матчы, а таксама ажыццяўлялася неправамернае фінансавае стымуляванне каманд вышэйшай лігі».
У выніку прынятыя наступныя рашэнні:
— Прымяніць у дачыненні да «Шахцёра» штраф у памеры 10 000 базавых велічыняў (370 000 беларускіх рублёў), пазбаўленне 30 турнірных ачкоў у чэмпіянаце 2023 года, пазбаўленне 20 турнірных ачкоў у чэмпіянаце 2024 года сярод каманд вышэйшай (першай) лігі, пазбаўленне атрыманых узнагародаў у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь 2022 года сярод каманд вышэйшай лігі.
— «Энергетык-БДУ» аштрафаваны на 2000 базавых велічыняў (74 000 беларускіх рублёў), пазбаўлены 20 турнірных ачкоў у чэмпіянаце 2023 года, 10 турнірных ачкоў у чэмпіянаце 2024 года сярод каманд вышэйшай (першай) лігі, пазбаўлены атрыманых узнагародаў у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь 2022 года сярод каманд вышэйшай лігі.
— ФК «Белшына» аштрафаваны на 2000 базавых велічыняў (74 000 беларускіх рублёў), пазбаўлены 10 турнірных ачкоў у чэмпіянаце 2023 года і 5 турнірных ачкоў у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь 2024 года сярод каманд вышэйшай (першай) лігі.
Матч апошняга тура мінулага чэмпіянату «Шахцёр» — «Белшына» (12 лістапада 2022 года), які і стаў адным з прадметаў разгляду, ануляваны. Камандам прысуджанае тэхнічнае паражэнне.
Нагадаем, што восенню 2022 года салігорскі «Шахцёр» стаў чэмпіёнам Беларусі трэці год запар. Другое месца заняў мінскі «Энергетык-БДУ», трэцяе — барысаўскі БАТЭ, які апярэдзіў па дадатковых паказчыках мінскае «Дынама». Пятую пазіцыю заняла «Іслач».
Цяпер, як паведамляе «Прэсбол», БАТЭ будзе выступаць у Лізе чэмпіёнаў. «Дынама» і «Іслач» прадставяць Беларусь у Лізе канферэнцый. Яшчэ адна вакансія ў гэтым турніры дастанецца пераможцу Кубка краіны (у фінал прабіліся БАТЭ і «Тарпеда-БелАЗ»).
Таксама АБФФ увяла пакаранні ў дачыненні да шэрагу спартыўных функцыянераў і гульцоў. У прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу, што куратар «Энергетыка», дзяржаўны трэнер па футболе Анатоль Юрэвіч дыскваліфікаваны на пяць гадоў і аштрафаваны на 1000 базавых велічыняў (37 000 беларускіх рублёў).
Вышэйзгаданы Нідэргаўс і футбаліст Дзмітрый Гомза абвешчаныя АБФФ непажаданымі асобамі (persona non grata). Міхаіл Гардзяйчук (гуляе за брэсцкае «Дынама») і Мікіта Корзун («Шахцёр»), якія выступалі і за нацыянальную зборную, акрамя штрафу дыскваліфікаваныя на год.
Адзначым, што гэтыя рашэнні могуць быць абскарджаныя ў апеляцыйным камітэце цягам дзесяці дзён.