Былая адміністратарка «Чорнай кнігі Беларусі» Яніна Сазановіч 9 лістапада выступіла ў сацсетках з адкрытым зваротам да дарадцы Святланы Ціханоўскай Франка Вячоркі, які заснаваў агенцтва «Інфапоінт». Яна заявіла, што хоча «паставіць тлустую кропку» ў гісторыі з супрацоўнікам ГУБАЗіК, які, паводле яе словаў, быў уцягнуты ў працу ЧКБ і структуры самога агенцтва. Гісторыя з гэтым чалавекам публічна была раскрытая толькі праз месяцы. Пасля звароту Сазановіч дырэктар «Інфапоінта» Саша Раманава і сам Франак Вячорка далі каментар «Люстэрку» з гэтай нагоды. Аднак да гэтай гісторыі застаўся шэраг пытанняў. Мы задалі іх Раманавай.
— Вы гаварылі, што супрацоўніка, які прыняў на працу ў ЧКБ агента спецслужбаў, адхілілі ад работы з праектамі і камандамі «Інфапоінта» 19 кастрычніка 2022 года. Але тое, што ў калектыве быў прадстаўнік спецслужбаў, стала ясна значна раней, яшчэ ў траўні 2021 года. Чаму рашэнне аб адхіленні было прынятае так позна? Увесь гэты час гэты супрацоўнік меў доступ да адчувальнай інфармацыі? Якой?
— Разумееце, ацэнка шкоды была іншай. Год таму здавалася, што шкода канкрэтным людзям значна меншая, чым яна можа быць у рэальнасці. Больш за тое, мы і цяпер не ведаем, колькі менавіта чалавек пацярпела ад гэтай аперацыі спецслужбаў.
Супрацоўнік, пра якога вы пытаеце, — гэта малады хлопец без асаблівага досведу. Зразумела, што ў 2020 годзе ні ў кога яго не было — успомніце сябе ў той час, калі пратэсныя маршы ў Беларусі праходзілі кожныя выходныя, і беларусы жылі надзеяй.
Цяпер сітуацыя памянялася. Я правяла ўнутранае расследаванне сярод былых супрацоўнікаў ЧКБ, каб зразумець, як там працавалі працэсы паўтара года таму, якую шкоду мог нанесці агент, да чаго менавіта ён меў доступ.
Высветлілася, што мы маглі недаацаніць колькасць пацярпелых, бо ніхто не ведае, колькі іх на самай справе — і гэта балючая гісторыя, яна сур’ёзнейшая, чым здавалася год таму. Нягледзячы на тое, што супрацоўнік ўсведамляе віну і раскайваецца, было прынятае рашэнне яго адхіліць.
— Што вы маеце на ўвазе пад адхілены? Звольнены?
— Я маю на ўвазе тое, што ён адхілены ад працы з камандамі і праектамі.
— Чаму ў сваім пасце вы не называеце імёнаў людзей, пра якіх згадала Яніна Сазановіч?
— Таму што гэта жывыя людзі, у іх ёсць мама і тата. Наўрад ці публічнае прыніжэнне і пошукі ахвярнага казла чымсьці дапамогуць сітуацыі, якая, на жаль, ужо здарылася. Правільным рашэннем у дадзенай сітуацыі мы бачым тое, каб засцерагчы працоўныя працэсы і не даваць прапагандзе лішніх падставаў для цкавання. У кнізе Голдынга «Уладар мух» расказваецца пра падлеткаў, якія апынуліся на бязлюднай выспе падчас вайны. Дзецям здавалася, што калі яны зацкуюць хлопчыка ў акулярах, то іх жыццё наладзіцца. Але ўсё прывяло да трагедыі. Я ўсё часцей успамінаю гэтую кнігу ў сувязі са скандаламі. Ёсць і фільм «Уладар мух», проста паглядзіце яго, калі яшчэ не глядзелі.
— Чаму пасля таго як стала вядома, што ў «Інфапоінце» ёсць супрацоўнік спецслужб, вы не расказалі самі пра гэта, публічна?
— У «Інфапоінце» няма і не было супрацоўніка спецслужбаў, гэта памылковае сцверджанне. Агент быў у праекце ЧКБ, і гаворка пра падзеі да кейса з Пратасевічам. Я даведалася пра тое, што ў ЧКБ быў агент, у траўні 2021 года, калі самалёт Ryanair быў гвалтоўна пасаджаны ў Мінску, і прапаганда па тэлевізары расказала, што я куратарка ЧКБ. Я вельмі здзівілася, таму што займалася праектамі KYKY.org і the-village.me і толькі дапамагала пратэсным блогерам па сваім асабістым жаданні і матывах.
Але разумееце, праблема ў тым, што мы, дзейныя супрацоўнікі Infopoint Media Network, разумеем пад «Інфапоінтам» не тое, што ўсе астатнія. Лічыцца, што ён існаваў з 2020 года і ў тым жа выглядзе працягвае працаваць. Але наш погляд на сітуацыю іншы. Мае калегі з восені 2020 да траўня 2021 года не лічылі ЧКБ часткай «Інфапоінта», не фінансавалі і не развівалі іх праект. Іх падтрымлівалі прыватныя асобы і арганізацыі. Я не буду казаць якія. Актывісты ЧКБ маглі ўдзельнічаць у мерапрыемствах «Інфапоінта», але на гэтых рэдкіх мерапрыемствах было шмат людзей, якія не з’яўляюцца яго часткай. Больш за тое, я ўжо выказвала сваё меркаванне з нагоды ЧКБ і нават пісала калонку на KYKY.org пра тое, чым менавіта мне ён не падабаецца. Такой самай думкі прытрымліваюся і цяпер — дэананімізацыяй сілавікоў павінныя займацца спецслужбы і, магчыма, BYPOL. Журналісты павінныя займацца журналісцкімі расследаваннямі.
— Ці была праведзеная праверка ўсіх астатніх супрацоўнікаў пасля траўня 2021 года, калі вы зразумелі, што ў вашых шэрагах знаходзіцца агент спецслужбаў? Калі і да якіх высноваў вы прыйшлі? Калі праверкі не было, чаму?
— Не, не праводзілі. У нас не было падставаў не давяраць нашым іншым супрацоўнікам, улічваючы іх біяграфію і вопыт. Але я ведаю, што супрацоўнік, якога мы адхілілі, афіцыйна даваў паказанні паліцыі Літвы ў гэтай справе.
— Як вы праводзіце праверку цяпер, наймаючы новых людзей у кампанію?
— Цяпер мы прымаем правераных людзей, за якіх могуць паручыцца іншыя людзі, якіх мы ведаем і якім давяраем.