Кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка абмеркаваў з намесніцай міністра замежных справаў Польшчы Хенрыкай Машчыцкай-Дэндзіс пытанні што да легалізацыі беларусаў, сітуацыю з палітвязнямі і падтрымку незалежных СМІ, расказалі ў прэс-службе Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).
«Пытанне Беларусі знаходзіцца ў цэнтры ўвагі польскага боку. Ёсць адзін падыход — падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларусаў», — сказала намесніца кіраўніка МЗС Польшчы.
Падчас размовы Павел Латушка адзначыў, што Польшча — стратэгічны партнёр для дэмсіл Беларусі: «Мы высока цэнім дапамогу, якую аказвае польскі бок беларусам у гэты складаны для Беларусі і народа гістарычны перыяд».
Палітыкі падчас гутаркі абмеркавалі шэраг пытанняў. Як паведамляе АПК, была дасягнутая дамоўленасць пра рабочую камунікацыю для вырашэння праблем, звязаных з уездам і легалізацыяй беларусаў у Польшчы. Польскі бок запэўніў, што гуманітарны канал для атрымання віз будзе дзейнічаць.
Таксама абмяркоўвалася сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі, падтрымка Польшчай незалежных медыя і падыходы да прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі.