Экс-супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі Вольга Сямашка, чый муж Фёдар Гарбачоў, як сцвярджаецца, мае пашпарт прыкрыцця, расказала ў эфіры «Еўрарадыё», што спрабавала знайсці гэты дакумент дома. Праверкі сябе спецслужбамі Сямашка не каментуе, як і пытанні легалізацыі на эміграцыі.

Адказваючы на пытанне пра пашпарт прыкрыцця свайго мужа Фёдара, Сямашка сказала, што «пра гэты кейс даведалася ў 2023 годзе» і што паведаміў пра гэта ёй дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Журналістку гэта здзівіла, з яе словаў, яна паразмаўляла з мужам, а той сказаў: «Ні пра што не ведаю, паглядзім, як далей будзе развівацца сітуацыя».
«Вы што, думаеце, што я гэты пашпарт дома не спрабавала знайсці? — сказала Сямашка. — Ну я скажу, што я яго ў вочы не бачыла».
Паводле беларускі, інфармацыя пра дакумент правяралася «прафесійнымі людзьмі», а яна сама звязвалася з BELPOL, каб даведацца, хто рабіў запыт пра яе і яе сям"ю, каб атрымаць яе персанальныя звесткі. Аднак інфармацыі, якую яна прасіла, ёй не далі.
Праверку сябе спецслужбамі (відаць, Літвы. — Заўв. рэд.) Сямашка не каментуе, як і пытанні легалізацыі.

«Я б хацела сказаць, што ёсць два асобныя кейсы. Вось да мяне пытанні толькі праз майго мужа? Бо выставілі мяне агентам. На якой падставе мяне выставілі агентам? Мая кар"ера, скажам так, за апошні тыдзень ужо столькі пертурбацый перажыла, што я ўжо нават не ведаю, якая там апошняя версія. Толькі вось на падставе гэтага (публікацый пра пашпарт прыкрыцця Фёдара. — Заўв. рэд.). Бо ніякіх іншых доказаў я не бачыла», — сказала яна.
Сямашка адзначыла, што ў першым матэрыяле «Нашай Нівы» падбор фактаў падводзіць да таго, што яна нібыта агентка спецслужбаў, а абмеркаванне сітуацыі — да ўзнікнення «фантастычных гісторый». Яна лічыць, што трэба «высветліць аўтараў гэтага артыкула».
«Я сама разглядаю шмат версій. І нават не выключаю, што нехта захацеў мяне ўбачыць у Беларусі. Скажу так, што мне ўжо паступалі прапановы вяртацца. Пасля ўсіх гэтых справаў. Таму давайце мы падумаем, каму гэта можа быць выгадна», — паразважала Сямашка.
Паводле яе, на апублікаваным фота другога пашпарта мужа з базы — «асоба, падобная да майго мужа». Здавацца жанчына не збіраецца.
«Не ў мяне ж знайшлі другі пашпарт. І гэта гісторыя майго цкавання, гэта ўдар па маёй рэпутацыі. Гэта нейкія нічым не даказаныя абвінавачванні. Безумоўна, з гэтым трэба змагацца», — сказала Сямашка.
Нагадаем, «Наша Ніва» публікавала інфармацыю пра тое, што ў мужа былой супрацоўніцы Белтэлерадыёкампаніі Вольгі Сямашка — супрацоўніка Wargaming Фёдара Гарбачова — ёсць пашпарт прыкрыцця, які выдаецца сілавікам ці іх агентам. Муж і жонка, якія жывуць у Літве, сцвярджаюць, што гэта няпраўда.
«Кіберпартызаны» пацвярджалі «Медыязоне», што ў базе сапраўды ёсць такі дакумент, а таксама што змяненні ў базу пашпартоў пасля яе ўзлому ўнесці было немагчыма.
Чытайце таксама